Тэма мерапрыемства была прысвечана ўдасканаленні работы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Таццяна Меньшыкава, намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са СМІ і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, і па справах моладзі аблвыканкама, Ірына Сталярова, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, Андрэй Даніленка, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, Аляксандр Цішчанка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама работнікі ідэалогіі і культуры з г. Магілёва, Касцюковічы, Клімавічы, Крычава, Чэрыкава, Слаўгарада, Краснаполля, Хоцімска.
- Кіраўніцтва нашага раёна заўсёды адкрыта для зносін і прапаноў ад маладых спецыялістаў. Традыцыйна некалькі разоў у год праводзяцца сустрэчы з удзелам старшыні райвыканкама, дзе кожны жадаючы можа выказаць свае пажаданні альбо задаць пытанні і атрымаць адказы. Несумнеўнай перавагай нашага населенага пункта перад горадам з’яўляецца тое, што любы, хто прыйшоў у наш раён на першае працоўнае месца малады спецыяліст адразу мае права атрымаць камерцыйнае жыллё. Праблемы з кадрамі маюцца, аднак разам з тым тут ёсць магчымасць хуткага кар’ернага росту. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць, а мы заўсёды гатовыя аказаць падтрымку, - адзначыў Андрэй Даніленка.
На пытанне аб рабоце кіраўніцтва і добрай атмасферы ў калектывах Андрэй Васільевіч акцэнтаваў увагу на тым, што заўсёды трэба размаўляць з людзьмі і выразна даваць тлумачэнні, якія задачы ставяцца перад кіраўніком. Пры гэтым адзначыўшы, што ў раёне робіцца ўсё неабходнае і для фінансавай стабільнасці, і для паляпшэння знешняга аблічча горада.
Падчас трэнінгу на знаёмства за круглым сталом гучалі самыя разнастайныя пытанні: змяненне узроставых рамак моладзі, арганізацыя вольнага часу, спрэчкі бацькоў і дзяцей, вяртанне моладзі на малую радзіму, эфектыўныя метады «кропак судакранання» з дзецьмі і інш. Пасля прысутныя падзяліліся сваімі напрацоўкамі і прадставілі прэзентацыі інавацыйных маладзёжных праектаў, што рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці. Сярод выступоўцаў была і наша хацімчанка Вольга Летнікава, педагог СШ № 2, якая у 2018 годзе была прызнана «Чалавекам года Магілёўшчыны». Як адзначыла Вольга Аляксандраўна, у сваёй працы яна кіруецца наступнымі правіламі: станоўчы асабісты прыклад, дзеці павінны стаць адной камандай і заўсёды трэба ўмець стварыць для іх маленькі цуд. Акцыі, дні варэння, школы юных блогераў - якіх толькі крэатыўных і яркіх ідэй не прапанавалі ў гэты дзень ідэолагі і культработнікі, аднак фармат газетнай паласы не дазваляе апісваць падрабязна кожную.
Пасля дэбатаў за круглым сталом, удзельнікі мерапрыемства наведалі наступныя аб’екты: гісторыка-краязнаўчы музей, Свята-Троіцкі сабор, Дом рамёстваў, лесагадавальнік ў в.Варвараўка, дзе яны прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці рэзідэнцыі Дзеда Мароза і Снягуркі. На кожнай з станцый гасцей чакала нешта цікавае. Так падчас наведвання гісторыка-краязнаўчага музея госці з іншых раёнаў змаглі не толькі наведаць залы, але і прынялі ўдзел у Фарсайт-сесіі «Будучыня сёння». Спікеры мерапрыемства разам з навучэнцамі СШ №1 распрацоўвалі план мерапрыемстваў па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў, дасугавай дзейнасці. Варта адзначыць, навучэнцы выказалі даволі цікавыя і сучасныя прапановы. Акцэнт быў зроблены не толькі на сучасныя нана-тэхналогіі, але і на развіццё інфраструктуры горада: будаўніцтва катка, басейна, велатрасы, 3D-кінатэатра і інш.
Запомнілася ўдзельнікам пляцоўкі наведванне Дома рамёстваў. Тут яны змаглі ўбачыць фрагмент тэатралізаванай пастаноўкі з удзелам работнікаў Іванjўскага СДК, а таксама атрымалі майстар-клас па ганчарству ад Народнага майстра РБ Ніны Рагоўскай.
- Правядзенне пляцовак з кожным годам робіцца ўсё больш свабодным, з кожным годам стараемся адыходзіць ад «нафталіну» і крочыць у нагу з часам. Кожнае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга і гэта правільна і сучасна. Мы заўсёды працуем з моладдзю ў фармаце адкрытага дыялогу. Праца нашай інавацыйнай пляцоўкі на Хоцімшчыне атрымалася насычанай, тут заўсёды ўмеюць здзівіць, - адзначыла Таццяна Меньшыкава.
Падчас экскурсіі па Хоцімскай зямлі прысутныя не толькі падзяліліся вопытам, змаглі даведацца аб нечым новым, але і зарадзіліся пазітыўнымі яркімі эмоцыямі і ўражаннямі да наступнай сустэрчы, якая, безумоўна, адбудзецца.
Вольга Зайцава
«Шлях кастрычніка»
фота аўтара
