rubeen
logo

Хотимский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213677, г.п. Хотимск, пл. Ленина, д. 2

Телефон приемной: 8 (02247) 79-281

E-mail: xotrik@khotimsk.by (для официальной корреспонденции)

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Пятница, 13 марта 2020 10:00

Шчасце мацярынства ў пяцікратным памеры

Шчасце мацярынства ў пяцікратным памеры

У Хоцімскім раёне на сакавік 2020 года налічваецца 147 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 488 дзяцей. 4 дзіцяці выхоўваецца ў 21 сям’і, 5 –у 6 сем’ях, 6 і 7 дзетак - у 2 сем’ях,  у 116 сем’ях  маецца па 3 дзіцяці.  

Сярод 29 жанчын Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай вобласці 22 матулі прыдняпроўскага краю атрымалі Ордэн маці. Заслужаную ўзнагароду з рук старшыні райвыканкама Дзмітрыя Рубана падчас злёту перадавікоў народнай гаспадаркі і словы ўдзячнасці за выхаванне дзяцей, бязмежнае цярпенне і цяпло дамашняга ачага атрымала і хацімчанка Анжэла Мікуціна. 

Аднак яе галоўны падарунак, як прызнаецца жанчына - гэта яе сям’я. Шматдзетная маці і стала наступнай гераіняй праекта “Хацімчане”. 

Анжэла заўжды марыла аб вялікай і дружнай сям’і. Ёй з дзяцінства было добра знаёма гэта незвычайнае пачуццё любові да акружаючых, так як дзяўчына выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. Бацька працаваў прарабам на машынабудаўнічым заводзе горада Брэста, маці займалася выхаваннем васьмярых дзяцей. Яшчэ падлеткам, яна напісала сама сабе пісьмо ў будучыню, дзе падзялілася сваімі самымі патаемнымі жаданнямі. Самай галоўнай марай была: вялікая сям’я. 

Прайшоў час. Пасля адзінаццаці класаў, яна паступіла на закройшчыцу. У ліцэі ў дзяўчыны з’явілася шмат сябровак, адна з іх была з Хоцімска. На той момант студэнтка і ўявіць не магла, што паездка да аднакашніцы стане для яе лёсавызначальнай. Тут яна пазнаёміцца са сваім будучым мужам. Каханне з першага погляду ці больш дакладна сказаць з першага фотаздымка. Уладзімір адразу зразумеў, менавіта, такую спадарожніцу жыцця ён шукаў. Сустрэчы былі рэдкімі, але ўжо пасля году спатканняў, юнак зрабіў прапанову “рукі і сэрца”. Абавязковай умовай быў пераезд каханай з Брэста ў Хоцімск. Не доўга раздумваючы, яна  пагадзілася і ў хуткім часе апынулася ў паўднёва-усходняй частцы Беларусі. 

- Хоцімск за гэтыя гады стаў родным і самым лепшым куточкам зямлі. Безумоўна, спачатку было няпроста пасля такого вялікага горада, як Брэст, прывыкнуць да значна меншага гарадка. Я сумавала па сваёй сям’і, але пасля нараджэння другой дачушкі, зразумела: я стала маці, у мяне свой ачаг,  стала больш засяроджваць увагу на ўласнай сям’і. Разам з мужам вучылася цаніць кожны момант, праведзены разам,- дзеліцца Анжэла.

У шматдзетнай маці спраў больш, чым гадзін у сутках. Яе раніца надыходзіць вельмі рана: трэба сабраць мужа на працу, Дэвіда і Эмілію- ў школу, Філіпа і Эліну- ў дзіцячы садок. Самы малодшы гадавалы Вова застаецца дома з маці. Да вечара  трэба перарабіць нямала спраў па дому. Але нягледзячы на напружаны графік, яна заўжды знаходзіць час і для сябе- маці павінна добра выглядаць і быць добрым прыкладам дзецям. Мікуціны ўпэўнены, што цяжка бывае ў кожнай сям'і, але ў такой вялікай сумна сапраўды не будзе, галоўнае - трэба памятаць, што любоў перакрывае ўсе цяжкасці і праблемы.

-Самы лепшы падарунак для любой жанчыны- гэта радасць мацярынства. Гэта пачуццё нельга параўнаць ні з адным іншым у свеце. Вядома, што матулямі не нараджаюцца, і я не лічу сябе ідэальнай маці. Штодзённа даводзіцца працаваць над сабой, вучыцца разам з дзецьмі, і часта яны падаюць вельмі карысныя ўрокі. Будучыню дзяцей у многім вызначае дзяцінства, і калі яно прасякнута дабрынёй і любоўю, то і дзеці ў дарослым жыцці будуць шчаслівымі. Лічу, што ў нашых дзяцей цудоўнае дзяцінства. За гэта вельмі ўдзячна мужу, яго сям’і, сваім бацькам за дапамогу і падтрымку. Сапраўдным узорам для пераймання для мяне заўсёды былі дзве жанчыны: мая маці і маці мужа. Мая матуля жыве вельмі далёка ад мяне, таму за любой парадай я звяртаюся да свякровы, якая выхавала цудоўных дзяцей. Гэта вельмі светлы чалавек з незвычайна добрым сэрцам. На працягу многіх гадоў яна дарыла любоў дзецям, сёння атрымлівае шчырую аддачу ў шматкратным памеры ,- дзеліцца Анжэла.

Рэцэпт сямейнага дабрабыту шматдзетнай сям'і Мікуціных- каханне, узаемаразуменне і падтрымка адзін аднаго. Маці прызнаецца, што самым лепшым памочнікам і сябрам з’яўляецца муж, яна заўжды можа разлічваць на яго надзейнае мужчынскае плячо. Напрыклад, пакуль маці адсутнічала, тата прывучыў дзетак да строгага парадку: цацкі штодзённа кожны прыбірае самастойна. Самі дзеці прывучаюцца рабіць і ўрокі, бацькі толькі кантралююць вучэбны працэс. Больш дарослыя дапамагаюць маці не толькі па дому, але і прыглядваць за малымі. Галоўнай матулінай памочніцай з’яўляецца сямігадовая Эмілія, якая ў гэтым годзе пайшла ў першы клас. Дзяўчынка вельмі прагная да ведаў і музыкі. Яна наведвае эстэтычны клас у дзіцячай школе мастацтваў. Іграе на піяніна і старэйшы Дэвід, па яго просьбе бацькі набылі музычны інструмент дадому. А вось пяцігадовы Філіп марыць стаць футбалістам і іграць на гітары. Самым гаманкім і вясёлым дзіцём у сям’і з’яўляецца трохгадовая Эліна. Самаму маленькаму любімцу сям’і падабаецца, калі з ім гуляюць яго старэйшыя сястрычкі і брацікі. Дарэчы, паміж дарослымі і дзецьмі ў сям’і даверлівыя сяброўскія адносіны.  Бацькі заўжды прыслухоўваюцца да сваіх дзетак, тыя ў сваю чаргу ведаюць, што могуць заўжды іх падтрымаць.     

Самыя цэнныя моманты, калі вечарам сям’я збіраецца разам і кожны пачынае расказваць аб сваіх маленькіх дасягненнях і поспехах, якія былі на працягу дня. Аб'ядноўваюць сям'ю і агульныя захапленні і традыцыі. Напрыклад, пасля працоўнага тыдня ўся сям’я збіраецца на кухні, каб разам прыгатаваць чарговы кулінарны шэдэўр. Маці загадзя купляе патрэбныя прадукты, і пасля таго, як усё гатова, дружна арганізуюць дамашні кінатэатр з праглядам новых мультфільмаў. Вельмі любяць Мікуціны ў выхадныя паехаць у госці да любімых бабулі і дзядулі. Ніхто не можа ўтрымацца перад бабулінымі пірагамі, а з дзядулем унукі з задавальненнем наведваюцца ў лес ці на рыбалку. Таксама сярод сямейных традыцый – паездкі да родных і сяброў. Сярод апошніх падарожжа з дзецьмі на канікулах у маскоўскі акіянарыум.

-  Самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека гэта сям’я, блізкія і родныя людзі, тыя, каго мы любім, з каго бярэм прыклад, пра каго клапоцімся, каму жадаем дабра і шчасця. І калі ў сям'і пануе ўзаемаразуменне, давер і цяпло - гэта і ёсць сапраўднае шчасце,-дадае напрыканцы Анжэла Мікуціна.

У бацькоў шмат планаў на перспектыву. Яны штодзённа мараць аб тым, як пераедуць у вялікі новы дом, які будзе напоўнены дзіцячым смехам, пасадзяць вялікі сад, а калі малыя крыху падрастуць, абавязкова ўсёй сям’ёй адправяцца на мора. Галоўнае ў выхаванні, лічыць Анжэла і Уладзімір, навучыць дзяцей ставіцца да акружаючых  так, як ты хочаш,каб ставіліся да цябе, каб яны выраслі годнымі, добрымі людзьмі. Сям'я ўпэўнена глядзіць у будучыню. Мікуціны ведаюць: дзеці вырастуць, у іх з'явяцца свае сем’і, і тады ўсе навыкі, атрыманыя ад бацькоў, ім абавязкова спатрэбяцца. 

Вольга Зайцава

«Шлях Кастрычніка»





Фотогалерея








© 2007-2024
Хотимский районный исполнительный комитет
Официальный сайт